Поиск по этому блогу

четверг, сентября 05, 2024

Востраў Перуноўскі

У вопісе Гомельскай воласці 1660 года змешчана наступная фраза: “боярин Исай Харковичъ держит островъ Перуновский на дерево бортное; широкость того острова отъ верха реки Ути до Литовской границы 3 вер­сты, а поперекъ отъ низкого болота на полверсты”. 

Л. А. Вінаградаў у нарысе “Гомель. Его прошлое и настоящее. 11421900 г.” (М., 1900. С.42) адзначыў, што Перуноўскі востраў знаходзіўся паблізу вёскі Кузьмінічы (сённяшні Добрушскі раён Гомельскай вобласці Беларусі).

Гэтая інфармацыя, якая можа быць дапоўнена разглядам геаграфічнай карты, упэўнівае, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не пра востраў як участак сушы, акружаны вадой. Слова востраў у народных гаворках з’яўляецца даволі шматзначным; пад гэтым словам у розных мясцовасцях разумеюць таксама участак лесу адной пароды сярод лесу іншых парод; невялікі асобны лясок; лясны гай; поле у круглай мяжы; узвышша на раўніне; палянку у лесе; сухі грудок з сенажаццю або лесам сярод балота; невялікі лужок сярод лесу або на зарастаючай драбналессем балоціне; поле паміж лугамі; кожны участак зямлі, які чымсьці вырозніваецца сярод навакольных мясцін”,

Перуноўскі востраў гэта нейкі лес з бортнымі дрэвамі на граніцы Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Можна думаць, што ён здавён-даўна быў запаведным лесам, які у пачатку 60-х гадоў ХVI стагоддзя належаў пэўнаму баярыну.

Аб запаведным характары лесу сведчыць, безумоўна, яго назва Перуноў, Перуноўскі

Але ці можна сцвярджаць, што ў далёкія язычніцкія часы Перуноўскі востраў быў свяшчэнным месцам, дзе знаходзілася капішча, дзе пакланяліся Перуну, прыносілі яму ахвяры?

На наш погляд, з такім проста-прамалінейным і найбольш, здавалася б, лагічным вывадам спяшацца не варта, і перш за усё, таму, што трэба абавязкова разрозніваць, з аднаго боку, культ Перуна, а з іншага боку, мець на ўвазе усходнеславянскую спадчыну вельмі старажытнай індаеўрапейскай традыцыі, звязанай з комплексам язычніцкіх уяўленняў аб Вярхоўным Богу і яго атрыбутах, сярод якіх звяртаюць на сябе ўвагу найменні пэуных рэалій з тым жа коранем, што і ў слове Пярун.

Культ Перуна не з’яуляецца ўсходнеславянскім; яго занеслі ва Ўсходнюю Славію прыбалтыйскія (паморскія) славяне, а таксама варага-русы, генетычна звязаныя з паляна-русамі, які я да IXX стагоддзяў аславяніліся, а раней уяўлялі сабой асобны індаеўрапейскі народ “адгалінаванне” індаеўрапейскай сям’і, якое часам называюць “паўночнымі ілірыйцамі”; гл. працы Л. М. Гумілёва, А. Р. Кузьміна); культ Перуна (“Перкунаса”) быў уласцівы і старажытным балтам.

Часам лічаць, што слова Пярун (балцкае Perkunas, ведыйскае, старажытнаіндыйскае Parjanyah) утварылася ад глагольнай асновы са значэннем “удараць, біць”) (*per, літоўск. perti, periu). 

Гэтыя імёны быццам бы асацыіруюцца з ударамі маланкі, громам, каменнымі молатамі. У гэтай сувязі трэба нагадаць і добра знаёмае нам беларускае слова пярун “удар маланкі”, а таксама адзначыць, што узгаданае ведыйскае найменне выступала не толькі ў якасці наймення бога, але і як агульнае слова са значэннем дажджавая хмара.

Аднак у дадзеных выпадках мы сутыкаемся толькі з асобнымі семан­тычнымі варыяцыямі старажытнага моўнага факта. Корань слова Пярун (пярун) маецца ў найменнях дуба у кельцкіх і італійскіх мовах (ся­род апошніх у лацінскай, дзе quercus з’яўляецца абазначэннем гэтага дрэва); у абазначэннях гары, уцёса, высокага месца ў хецкай (perunas) i старажытнаіндыйскай (санскрыт; parvatа) мовах, нарэшце, горнага лесу у асобных германскіх мовах (старажьггнаанглійская; firgenbolt).

Лес, дуб, камень, гapa гэта ўсё атрыбуты Вярхоўнага Бога, Грамавержца, міф аб якіх у абагульненым выглядзе на падставе міфалагічных уяўленняў і вераванняў розных народаў рэканструяваны, у прыватнаці, у кн.: Иванов В. В., Топоров В. Н. Исследования в области славян­ских древностей. М., 1974.

Даследчыкі лічаць, што індаеўрапейскі міф аб Грамавержцу, у якім, між іншым, энайшлі адлюстраванне старажытныя язычніцкія уяўленні аб будове свету, нясе адбітак канкрэтнай эпохі – канца III тыс. да н.э. “Баявыя” атрыбуты асноўнага ге­роя міфа – конь, калясніца, зброя, стрэлы – указваюць на вялікую ролю войска, дружыны ў сацыяльным асяродку індаеўрапейскіх плямёнаў таго часу.

Аднак сярод усіх атрыбутаў Бога галоўным з’яўляецца… дрэва дуб. Першаснае значэнне кораня слова Пярун (пярун) і ўсіх іншых яго варыянтаў у розных мовах “дуб” (гл.: Friedrich Р. Proto-Indo-Euroрean Trees, The Arboreal System of a Prehistoric People Chicago and London, 1970. S. 134-139).

У індаеурапейскай міфалогіі дуб з’яуляецца асноўным жыццёвым сімвалам. Нездарма само слова дуб у славянскіх мовах лічыцца іншасказам, а сапраўднае найменне дуба сакрыта ў слове Пярун. Адсюль становяцца зразумелымі свяшчэнныя дубро­вы, дубовыя гai.

У гэтай сувязі Перуноўскі востраў пад Кузьмінічамі якраз і ўяўляецца нам не столькі месцам пакланення Перуну, колькі свяшчэнным дубовым лесам. Але самае цікавае і нават дзіунае ў нагаданым паведамленні пад 1560 годам, бадай, не гэта, а … імя “баярына” Ісая Харковіча (Харкавіча), які быццам бы валодае на “востраве” бортнымі дрэвамі.

Прозвішча ці, хутчэй, мянушка Харковіч (Харкавіч) мае нейкую загадкавую сувязь з асновай *карк-, *крак-, якая адлюстравалася, у прыватнасці, у абазначэнні “гор К(а)р(а)к(у)”, г. зн. Кракаўскіх у гео­графа XII стагоддзя Аль-Ідрысі (маюцца на ўвазе Карпаты), Кракаўскага ўзвышша (Кракаўскай гары), а таксама ў тапоніме Кракаў і антрапоніме Крак (згодна з легендай, на Кракаўскай гары адбываўся паядынак Крака са Змеем).

Гэтая ж аснова – *карк-, *крак- маецца ў выразах дуб карколист, дуб корьков і у старажытнаанглійскім слове hearg – “ідал” (з *karkus – “дуб”) (гл. нагаданую кнігу Іванова — Тапарова, с. 176).

Калі ж прыгадаць, што ў старажытнаанглійскім абазначэнні feorh – “жыццё, пуша, дух” і ў гоцкім слове fairhwus – “свет”, “сусвет” адлюстраваны ўсё той жа корань, што і у прывеазеных вышэй моўных фактах, то агульны вывад у дачнненні да імя “баярына” Ісая Харкавіча (Харковіча) можа быць наступным. Ісай Харкавіч (Харковіч) – гэта абагульнены вобраз хавальніка святога лесу, святога дуба (імя Ісай са старажытнаяўрэйск.ай мовы тлумачыцца як “выратаванне”, што адпавядае семантычнаму “кантэксту”, які разглядаецца).

Такім чынам, Перуноўскі востраў, хутчэй за ўсё, у даўнія часы ўяўляў сабой свяшчэнны дубовы гай, лес, які выконваў ролю … храма як мадэлі сусвету, бо звычайных у нашым разуменні (з пункта погляду нашага часу) культавых збудаванняў у язычнікаў-славян не было.

 Аўтар © А. Ф. Рогалеў.

Крыніца – Наследие Кирилла Туровского и современная общественно-культурная жизнь: Материалы научной конференции. – Гомель, 1994. Ст. 9395.

Популярные сообщения